Барбара выкапала яму пад пастку на мышаў ля самага пад’езду. Так усё добра замаскіравана і сырок плаўлены пакладзены. Першы трапіў у яе Ахілес. Не праз сырок, вядома. Цёмна было, таму ямку і не заўважыў. Усю ноч у ёй прасядзеў. Зьверху яшчэ мышаў нападала. Тыя таксама сосьлепу. Апошнім прыгожа паваліўся ў ямку дворнікаў кот Хонаванутра. Гэта было адзінае асэнсаванае падзеньне, інсцэнаванае пад выпадковае. Мышаў пад раніцу ў ямцы значна паменела, а Хонаванутрына пуза чамусьці паболела. Апошнія дзьве мышы, што засталіся, Хонаванутра паклаў у голаў, каб ямчэй было спаць, пакуль яго ня прыйдзе выратоўваць гаспадар. Хонаванутра салодка плюшчыў вочы, а мышы у яго пад галавой ня спалі і захоўвалі бадзёрасьць, хоць і не варушыліся. На тварах у іх было бачна змаганьне думкаў. З раніцы Хонаванутра ўласналапна высадзіў іх на паверхню плянэты, і яны, крыху хістаючыся, пайшлі дахаты, трымаючыся за лапкі. З таго часу Хонаванутра ня есьць мышаў, і Муаўр мусіць выдаткоўвацца на пакупны корм. А мышы – тыя што… Размножваюцца. Вось і ладзь пасьля гэтага пасткі на мышаў.




